Полацк падчас вайны 1812 г.


Вайна 1812 г. пакінула глыбокі след у гісторыі Полацка трыма буйнымі бітвамі. У канцы ліпеня каля мястэчка Клясціцы падчас трохдзённых баёў рускі корпус генерала П. Вітгенштэйна здабыў перамогу над французамі пад камандаваннем маршала Удзіно. Сёння адна з вуліц горада носіць імя героя вайны 1812 г. Я.П. Кульнева, які загінуў у Клясціцкіх баях.

Паражэнне французаў вымусіла імператара Напалеона адправіць да Полацка ў якасці падмацавання корпус генерала Сен-Сіра. На пачатку жніўня, спрабуючы развіць поспех, здабыты пад Клясціцамі, П. Вітгенштэйн ажыццявіў спробу прарыву абароны французаў у Полацку. Аднак дасягнуць пастаўленых мэт рускім войскам не ўдалося. Пасля першай полацкай бітвы французы адмовіліся ад прасоўвання на Пецярбургскім кірунку і не змаглі падтрымаць корпус, які ўзяў у аблогу Рыгу. На тры месяцы горад і яго акруга апынуліся ў зоне акупацыі. Вызваленне Полацка адбылося падчас штурму гарадскіх умацаванняў у ноч з 7 на 8 кастрычніка 1812 г. Пры штурме горада значную ролю нароўні з армейскімі падраздзяленнямі адыгралі атрады Пецярбургскага апалчэння і мясцовыя партызаны пад камандаваннем Максіма Макарава. Пасля той бітвы мост праз Палату атрымаў назву "Чырвоны".

26 жніўня 1850 г. на цэнтральнай плошчы горада быў адкрыты абеліск у памяць пра бітвы 1812 г. Помнік вышынёй 23,7 м і вагой каля 237 т быў адліты з чыгуну і бронзы ў Луганску. У 1930-х гг. ён быў разабраны і вывезены на пераплаўку на патрэбы індустрыялізацыі. У 2010 г. помнік быў адноўлены.