Цясак салдацкі пяхотны ўзору 1848 года


У апошняй трэці XVIII ст. як у Еўропе, так і ў Расійскай імперыі паўстала неабходнасць узбройваць пешыя войскі халоднай зброяй, якую салдаты маглі б выкарыстоўваць і падчас бою, і ў якасці рубячай прылады. У экспазіцыі Краязнаўчага музея прадстаўлен рускі салдацкі пяхотны цясак ўзору 1848 г., які ўяўляе сабой рубяча-колючую халодную зброю з шырокім вострым клінком на крыжападобным дзяржанні. Першапачаткова цясак дадзенага ўзору служыў зброяй у пяхоце асобнага Каўказскага корпуса, а з 1855 г. выкарыстоўваўся ўжо ў пяхотных, інжынерна-сапёрных часцях і пешай артылерыяй.

Агульная даўжыня зброі складае 64 см. Клінок сталёвы, прамы, двухлезвійны. Даўжыня клінка - 49 см, шырыня - 4 см. Эфес латуневы, складаецца з рукаяці з папярочнымі жалабкамі і крыжавіны. Канцы крыжавіны пашыраны і закруглены. Агульная вага цесака 1400 грам. Ножны адсутнічаюць. На рукаяці ёсць кляймо зброевай фабрыкі г. Златавуста (Чэлябінская вобласць Расіі) і надпіс «1878». Цясак быў знойдзены каля вёскі Мосар Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці ў 1981 г.

Салдацкі пяхотны цясак узору 1848 г. быў узяты на ўзбраенне ў расійскай арміі апошнім. З 1880 г. гэту разнавіднасць халоднай зброі не выкарыстоўвалі ў рэгулярных войсках з-за нязручнасці яе прымянення ў якасці рубячай прылады. Цесакі былі пакінуты толькі ў гвардзейскай пяхоце Сапёрнага батальёна для нашэння ў мірны час, а таксама музыкам і барабаншчыкам у іншых войсках.