Медаль "За ўзяцце Парыжа 19 сакавіка 1814 года"


У экспазіцыі Краязнаўчага музея сярод прадметаў, звязаных з Айчыннай вайной 1812 года, знаходзіцца медаль "За ўзяцце Парыжа 19 сакавіка 1814 года». Гэта ўзнагарода была заснавана 30 жніўня 1814 года маніфестам імператара Аляксандра I у сувязі з пераможным узяццем Парыжа рускімі войскамі.

На адным баку сярэбранага медаля змешчана выява Аляксандра I у лаўровым вянку. На адваротным баку, таксама ў лаўровым вянку, – прамы надпіс у пяць радкоў: “ЗА ВЗЯТIЕ ПАРИЖА 19 МАРТА 1814 ГОДА ”. Насілі ўзнагароду на грудзях на ўпершыню уведзенай камбінаванай Андрэеўска – Георгіеўскай стужцы. Яна была звычайнай шырыні, але складалася з двух вузкіх стужачак: Андрэеўскай – блакітнай і Георгіеўскай – аранжавай з трыма чорнымі палосамі.

Медаль прызначаўся для ўзнагароджвання ўсіх удзельнікаў узяцця французскай сталіцы – ад салдата да генерала. Аднак узнагароджанне адклалі, паколькі далікатны імператар не хацеў лішні раз нагадваць французам пра нядаўняе прыніжэнне Парыжа. Толькі праз 12 гадоў заслужаныя медалі былі ўручаны героям вайны па загадзе новага імператара Мікалая I, які “...накануне годовщины вступления русских в Париж, 18 марта 126 года, велел освятить эту медаль на гробнице своего брата (Александра I)”.

Выдача ўзнагароды ўдзельнікам працягвалася да 1 мая 1832 года. Усяго было выдадзена больш за 160 тысяч медалёў.