Форма для адліўкі медальёна І.А. Шылава


Сярод экспанатаў Краязнаўчага музея, звязаных з гісторыяй Айчыннай вайны 1812 г., асобае месца займае форма для адліўкі медальёна з выявай Аляксандра І. Рускаму імператару, які атрымаў перамогу над напалеонаўскай арміяй, свае творы прысвячалі многія мастакі. Сярод іх быў і гравёр Іван Анфімавіч Шылаў (1788-1827). Нарадзіўся мастак у Екацерынбургу ў сям’і майстра гранільнай фабрыкі. Дзякуючы намаганням прэзідэнта Акадэміі мастацтваў графа Строганава, Іван быў прыняты ў медальерны клас Акадэміі, які скончыў у 1805 г. з другім срэбным медалём.

У 1810 г. І.А. Шылаў, служачы Манетнага двара, атрымаў званне акадэміка. З пачаткам Айчыннай вайны 1812 г. Іван Анфімавіч уступіў у рады народнага апалчэння, а пасля яе заканчэння ў 1815-1825 гг. выкладаў у медальерным класе Акадэміі.

У І.А. Шылава добра выходзілі выявы рускага імператара Аляксандра І. Ён настолькі дакладна перадаваў выраз твару і характар цара, што яго працы прымалі за арыгіналы, з якіх рабілі партрэты імператара на медалях. У 1816 г. майстар стварыў медальён з выявай грэчаскага ваяра з мячом у правай руцэ, які стаў увасабленнем Аляксандра І. Форму для адліўкі і зроблены па форме медальён (майстар У. Галеба) сёння можна пабачыць у адной з залаў музея.