Бронзавы медаль “У памяць Айчыннай вайны 1812 года”


У экспазіцыі Краязнаўчага музея, прысвечанай падзеям 1812 г. на Полаччыне, прадстаўлена некалькі ўзнагарод у гонар перамог рускай арміі над французамі. Адна з іх — медаль “У памяць Айчыннай вайны 1812 года” зроблена з цёмнай бронзы. Гэта ўзнагарода была прызначана для прадстаўнікоў дваранства і купецтва, якія садзейнічалі перамозе рускай арміі. Бронзавы медаль быў заснаваны ў жніўні 1814 г., праз восем месяцаў пасля выдачы сярэбраных, якія ў сваю чаргу прызначаліся для ўсіх удзельнікаў баёў ад простага салдата да генерала.

На правым баку ўзнагароды змешчана выява «усёвідушчага вока», унізе – надпіс “1812 годъ”. Адваротны бок медаля змяшчае надпіс у чатыры радкі “НЕ НАМЪ // НЕ НАМЪ // А ИМЕНИ // ТВОЕМУ”, што з’яўляецца скарачэннем цытаты з Псалтыра і даслоўна азначае “Не нам, Господи, не нам, но имени Твоему даруй славу, по милости Твоей и по истине Твоей”.

Узнагарода дыяметрам 21 мм (малы бронзавы медаль) мацавалася да Уладзімірскай стужцы. Агульны тыраж — 7 606 тысяч экзэмпляраў.
Першапачаткова яе планавалася выпусціць з профільным партрэтам імператара Аляксандра I. Аднак па невядомых прычынах медаль быў адчаканены з прамяністым “усёвідушчым вокам”, пра што салдаты гаварылі з некаторай іроніяй, быццам гэта “вока” самога М. І. Кутузава: “у яго, бацюхны, адно вока, так ён ім больш бачыць, чым іншы двума”.

Ва ўдзельнікаў вайны 1812 г. медаль карыстаўся вялікай папулярнасцю і шанаваўся ва ўсіх слаях рускага грамадства, стаўшы своеасаблівым “пасведчаннем” удзелу ў вызваленчай Айчыннай вайне, якая ўспрымалася народам як агульнанацыянальны подзвіг.