Кулялейка


У экспазіцыі Краязнаўчага музея можна ўбачыць кулялейку ХVIII ст., знойдзеную ў 2005 г. падчас археалагічных раскопак пад кіраўніцтвам Д.У. Дука на тэрыторыі былога Вялікага пасада.

Афіцыйна лічыцца, што ў Еўропе агнястрэльная зброя з'явілася яшчэ ў XIV ст., калі развіццё тэхнікі дазволіла выкарыстоўваць энергію пораху. Першапачаткова гэта былі парахавыя гарматы, ружжы з'явіліся значна пазней – у пачатку XVII ст.

У працэсе ўдасканальвання стралковай зброі эвалюцыянавалі і боепрыпасы да яе. Яны прайшлі шлях ад круглых каменчыкаў да бронзавых, чыгунных і, нарэшце, свінцовых куль. Доўгі перыяд, змяняючы адзін аднаго ці існуючы паралельна, выкарыстоўваліся кулі разнастайных форм: сферычныя, сферацыліндрычныя, востраканечныя, тупаканечныя і іншыя.

Галоўнай тэхналогіяй для вырабу свінцовых куль і карцечы было ліццё, а асноўным інструментам для гэтага служылі кулялейкі (формы).

Для таго каб зрабіць неабходную колькасць куль, патрабавалася шмат часу. Вядомы дзве тэхналогіі іх вытворчасці: “халодная” і “гарачая”. Да “гарачага” спосабу звярталіся збройнікі для вытворчасці куль з дапамогай кулялеек, для чаго выкарыстоўвалася тэхналогія заліўкі расплаўленага металу ў кульныя гнёзды і вытворчасць боепрыпасаў зададзенай формы і калібру.

Кулялейка складаецца з дзвюх палоў з рукаяцямі, злучаных паміж сабой (падобна да нажніц) балтом і гайкай. Абедзве палавіны зведзеныя разам, утвараюць куб. Судакранальныя рабочыя (унутраныя) паверхні абедзвюх палавінак маюць кулявыя гнёзды паўсферычнай формы з верхнім каналам, ці жэралам.

Да кулялейкі ставіліся беражліва, не дапушчалі забруджвання яе гнёздаў свінцом і дробным смеццем. Чыстка кулялейкі наждаком і тоўчанай цэглай катэгарычна забаранялася. Па заканчэнні работы кулялейку старанна праціралі чыстай тканінай, металічныя дэталі змазвалі тонкім слоем драўлянага алею, чым папярэджвалі ўтварэнне іржы.

Складанасць усяго працэса адліўкі заключана ў тым, што з дапамогай такой кулялейкі можна было зрабіць толькі адну кулю. На падрыхтоўку неабходнай колькасці боепрыпасаў для аднаго салдата патрабавалася прыкласці шмат часу і сіл, што ва ўмовах ваеннага палажэння з'яўлялася недазволенай раскошай. Таму гэтыя інструменты хутка выйшлі з ужывання. На змену 1-гнёздным прыйшлі 5-гнёздныя кулялейкі, якія хутка ўдасканальваліся.