Лядунка


Прыгожая вайсковая форма рускай кавалерыі XIX ст. са мноствам дэкаратыўных элементаў надавала гусарам непаўторны і яркі выгляд. У камплект гусарскай амуніцыі ўваходзіла сярод іншага лядунка, якую насілі як служачыя афіцэрскага складу, так і ніжнія чыны кавалерыі.

Шырокае распаўсюджванне патронная сумка атрымала яшчэ ў XIV стагоддзі. Лядунка спачатку прызначалася для захоўвання пораху, пазней боепрыпасаў да стралковай зброі (карабіна, мушкетона, пісталета, рэвальвера). Выраблялі яе з металу (для герметычнага захоўвання пораху), пазней са скуры.

Гэты элемент рыштунку і дэкору вайсковай формы ўяўляў сабой невялікую каробчатую скураную сумку. У афіцэраў крышкі такіх сумак былі металічныя, пасярэбраныя або пазалочаныя, з выявай арла.

Лядунку насілі на спіне на перавязі – рамяні – панталеры – праз левае плячо. Перад стральбой карабін або мушкетон адчапляўся ад перавязі, а лядунку перасоўвалі наперад. На панталеры былі мацаванні на тонкіх ланцужках для двух пратраўнікаў, меднага і стальнога, якія прадстаўлялі сабой іголкі для прачысткі затравачнай адтуліны стралковай зброі.

У экспазіцыі Краязнаўчага музея прадстаўлена лядунка для ніжніх чыноў гвардзейскай кавалерыі часоў Аляксандра I. Яна зроблена з чорнай скуры, на адным баку – круглая медная пласціна з эмблемай у форме васьміканечнай Андрэеўскай зоркі, у цэнтры – знак у выглядзе двухгаловага арла і надпіс " За веру верность”.

Лядунка была перададзена Краязнаўчаму музею Кобрынскім ваенна - гістарычным музеем ім. Суворава ў 1987 годзе.