Грэнадзёрка


У Расійскай імперыі ў канцы 1750-х – пачатку 1760-х гг. існавалі галштынскія войскі. Яшчэ будучы наследнікам прастола Пётр III перавёў у Расію з Гальштэйн-Гаторпа невялікі атрад сваіх галштынскіх войскаў, якія размясціліся паблізу Санкт-Пецярбурга ў Араніенбавуме і яго ваколіцах. У далейшым гэтыя войскі фарміравалі ў Расіі і ў асноўным расійскімі падданымі.

Салдаты і афіцэры галштынскай арміі насілі ўніформу яркіх і насычаных колераў. Асабліва вылучаліся галаўныя ўборы грэнадзёрскіх войскаў, упрыгожаныя металічнымі пласцінамі з рэльефнымі эмблемамі.

Сёння галаўны ўбор галштынскіх войскаў часоў Пятра III можна ўбачыць у экспазіцыі Краязнаўчага музея. Па звестках У.І. Ягорава, супрацоўніка Расійскага дзяржаўнага ваенна-гістарычнага архіва, гэты экспанат належаў Артылерыйскаму музею ў Санкт-Пецярбурзе, а яшчэ раней - арсеналу Араніенбавума. У фонды нашага музея галаўны ўбор быў перададзены ў 1987 г. Ваўкавыскім ваенна-гістарычным музеем імя Баграціёна.

Грэнадзёрка ў выглядзе каўпака вышынёй 30 см з латуневай пласцінай спераду выканана з палевага і чырвонага сукна. На пласціне рэльефная выява двухгаловага арла пад каронай. Ніжэй на авальным медальёне на цёмным фоне змешчаны фігурны вензель з дзвюма лацінскімі літарамі «Р» («Пётр») і «F» («Фёдаравіч»). Далей пад каронай змешчана выява рыцара з галавой льва на шчыце і надпіс «OTIA MARTIS» («Забавы Марса»), па баках выявы сцягоў і гармат. На шапцы злева і справа змешчаны металічныя пласціны ў выглядзе гранаты з падпаленым агнём.

Магчыма, гэты экспанат – галаўны ўбор ніжніх чыноў грэнадзёрскай роты пяхотнага палка Фёрстэра араніенбавумскіх войскаў вялікага князя Пятра Фёдаравіча.