Памятны медаль з выявай П.Х. Вітгенштэйна


Перамога рускага войска каля вёскі Клясціцы (сёння знаходзіцца ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці) 20 ліпеня 1812 г. праславіла імя генерал-лейтэнанта П.Х. Вітгенштэйна. Пасля разгрому французскага войска пад Клясціцамі Напалеон Банапарт канчаткова адмовіўся ад ідэі захапіць Санкт-Пецярбург, у той час сталіцу Расійскай імперыі.

Імператар Аляксандр I узнагародзіў адважнага і рашучага палкаводца Пятра Вітгенштэйна ордэнам Св. Георгія 2-й ступені. У гонар «выратавальніка Пецярбурга», як сталі называць Пятра Хрысціянавіча, было выпушчана мноства яго гравіраваных выяў. Адзін з памятных медалёў з яго профілем можна ўбачыць у экспазіцыі Краязнаўчага музея.

Круглы медаль з барэльефным профілем П.Х. Вітгенштэйна быў адліты з чыгуну на Аланецкім Аляксандраўскім заводзе (сёння Анежскі трактарны завод, Рэспубліка Карэлія, г. Петразаводск). У верхняй частцы па акружнасці змешчаны надпіс на рускай мове «ГРАФЪ П. Х. ВИТГЕНШТЕЙНЪ». Дыяметр медаля - 10,5 см. Чыгун быў ужыты ліцейшчыкамі не з-за дэфіцыту бронзы. На думку майстроў, менавіта гэты метал надаваў партрэтным медалям асаблівую ўрачыстасць і выразнасць.

Памятны медаль, выкананы ў першай трэці XIX ст., перадаў у музей у 1971 г. калекцыянер з г. Чэлябінска.