Уваходжанне ў склад Расійскай імперыі


У канцы XVIII ст. Рэч Паспалітая знікла з палітычнай карты Еўропы, а яе тэрыторыя была падзелена паміж суседнімі дзяржавамі: Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй. Па першым падзеле ў 1772 г. да Расійскай імперыі адышла большая, правабярэжная, частка Полацка, а па другім падзеле 1793 г. – яго левабярэжная частка. За першыя дзесяцігоддзі пад уладай дома Раманавых Полацк некалькі разоў змяняў свой адміністрацыйны статус. У 1772 г. ён быў далучаны да Пскоўскай губерні ў якасці павятовага горада; пазней, у 1776 г., стаў губернскім цэнтрам, а праз два гады Полацкая губерня была рэарганізавана ў намесніцтва. У новым статусе горад жыў да 1802 г., калі была ўтворана Віцебская губерня. Полацк жа стаў павятовым цэнтрам.

Сярод новаўвядзенняў таго часу былі падушны падатак, рэкруцкая павіннасць і мяжа яўрэйскай аселасці. Грашовы абарот на Полаччыне быў уніфікаваны па прыкладу іншых тэрыторый імперыі. Асноўным прававым дакументам на землях Полацкага намесніцтва, а потым і павета да 1832 г. быў Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г.