Цясак салдацкі сапёрны ўзору 1827 года


Нягледзячы на шырокае распаўсюджанне агнястрэльнай зброі ў XVIII - першай палове XIX стст. у Расійскай імперыі, халодная зброя не страціла свайго значэння.

Інжынерам, сапёрам, пешым артылерыстам выдаваліся цесакі, якія яны маглі выкарыстоўваць не толькі падчас бою, але і як рубяча-колючую прыладу. Адзін з узораў гэтага віду зброі прадстаўлены ў экспазіцыі Краязнаўчага музея - цясак салдацкі сапёрны ўзору 1827 г. Экспанат быў перададзены ў фонды музея Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеем у 1987 г.

Агульная даўжыня зброі складае 67 см. Клінок сталёвы, адналязовы, нязначнай крывізны. Даўжыня клінка - 50 см, шырыня - да 6 см. Агульная маса з похвамі - 1900 грам. Рукаяць выканана з дрэва, у ёй маецца адтуліна для цемляка (рамень, які ў выглядзе пятлі замацоўваўся на руцэ каб не згубіць зброю пры выпусканні яе з рукі). Канцы металічнай крыжавіны злёгку загнуты ў супрацьлеглыя бакі - уверх і ўніз.

Салдаты насілі цясак у ножнах на плечавым або паясным рамяні.
Цясак дадзенага ўзору ўжываўся сапёрнымі часткамі рэгулярных войскаў Расійскай імперыі да 1834 г., калі быў зняты з ўзбраення у ніжніх чыноў інжынерна-сапёрных батальёнаў і заменены цесаком ўзору ўказанага года.