Даламан афіцэрскі


Гусары ва ўсіх еўрапейскіх войсках лічыліся хвацкімі кавалерыстамі, іх адносілі да эліты конных войскаў. І гэта не дзіўна : фактычна яны з'яўляліся “спецназам” таго часу, а іх баявая работа - выведка, далёкія рэйды ў тыл праціўніка. Арэол гераізму, які ахінаў гусар, а таксама яркая пышная форма рабілі іх ўсеагульнымі ўлюбёнцамі, асаблівым аб'ектам уздыхання ўразлівых дам і захопленых юнакоў, якія марылі надзець на сябе вышыты пазалочанымі шнурамі даламан.

Гусары насілі традыцыйную для гэтага роду войскаў форму. Даламан (кароткі мундзір) з'яўляўся асноўным элементам уніформы і адрозніваўся надзвычайнай разнастайнасцю. Нават у чыста французскіх частках часам можна было сустрэць самую дзіўную сумесь колеру ківера і абшлагаў (адварот на рукаве ), не кажучы ўжо пра асаблівасці уніформы армій саюзнікаў Францыі.

Ваўкавыскім ваенна-гістарычным музеем імя П.І. Баграціёна Краязнаўчаму музею быў перададзены даламан афіцэра гусарскага палка французскай арміі: форменнае адзенне белага колеру ў выглядзе кароткай распашной суконнай курткі да таліі са стаячым каўняром . Каўнер даламана з чырвонай тканіны быў упрыгожаны шыццём у адзін рад у выглядзе пяцельнага ўзору па цэнтры і абабіты па верхнім і ніжнім краі срэбнай тасьмой. Рукавы з абшлагам чырвонага колеру аздоблены арнаментальным срэбным шыццём. На пярэдняй часткі мундзіра нашыты 13 папярэчных радоў падвойных срэбных шнуроў, якія выкладзены на канцах ў завіткі, з трыма радамі па 13 гладкіх гузікаў.

Сёння даламан афіцэра французскай арміі часоў вайны з Напалеонам можна ўбачыць у экспазіцыі Краязнаўчага музея, у зале, прысвечанай падзеям вайны 1812 г. на Полаччыне.