Полацк напярэдадні і напачатку Першай сусветнай вайны


У лютым 1913 г. у Полацку прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 300-годдзю дома Раманавых. Горад упрыгожылі сцягамі і кветкамі, у цэнтры была наладжана ілюмінацыя. Афіцыйную частку свята склалі парад войскаў з удзелам кадэт і набажэнствы ў храмах горада.

Пачатак Першай сусветнай вайны наклаў адбітак на гарадское жыццё. У жніўні 1914 г. была праведзена ўсеагульная мабілізацыя, узмацніўся прыток розных армейскіх тылавых службаў. У канцы года ў горадзе стала працаваць аўтамабільна-авіяцыйная майстэрня, якая займалася рамонтам рухавікоў, адкрылася вялікая колькасць армейскіх складоў са зброяй, боепрыпасамі, інтэнданцкай маёмасцю. На заходняй ускраіне горада пачалося будаўніцтва ваеннага аэрадрома. У будынках гарадскіх і навучальных устаноў, эвакуяваных у 1914-1915 гг. углыб Расіі, былі адкрыты шпіталі і лазарэты. Улетку 1915 г. павялічыўся прыток бежанцаў з заходніх паветаў, насельніцтва горада вырасла ў паўтара разы. Пытаннямі іх размяшчэння і забеспячэння прадметамі першай неабходнасці займаліся ўстановы Земскага саюза, Саюза гарадоў і іншых грамадскіх арганізацый. Прамысловыя прадпрыемствы і гандлёвыя арганізацыі горада былі пераведзены на забеспячэнне патрэбаў арміі.

Такім чынам, у першыя гады вайны Полацк стаў важным пунктам камунікацый і буйной базай забеспячэння войска, размешчанай у яе найбліжэйшым тыле.