Медаль "У памяць 300-годдзя царавання Дома Раманавых"


300-годдзе царавання Дома Раманавых адзначалася на працягу ўсяго 1913 г. “урачыста і ўсенародна”: будаваліся храмы, праходзілі вайсковыя парады, арганізоўваліся выставы на гістарычныя тэмы і народныя гулянні. Да ўрачыстасці былі выпушчаны юбілейныя медалі, адзін з якіх можна ўбачыць у экспазіцыі Краязнаўчага музея.

Медаль “У памяць 300-годдзя царавання Дома Раманавых” быў заснаваны 21 лютага 1913 г. па загадзе імператара Мікалая II (у той дзень у 1613 г. Вялікі Земскі Сабор абраў на валадаранне Міхаіла Фёдаравіча Раманава).

Усе чыны арміі, флоту, асобнага корпуса паліцыі, якія знаходзіліся да 21 лютага 1913 г. на службе, а таксама прадстаўнікі сельскага насельніцтва, што прымалі ўдзел ва ўрачыстасцях у прысутнасці імператара, медаль атрымлівалі бясплатна. Астатнім узнагароджаным выдавалі спецыяльныя пасведчанні на права нашэння медалёў, а саму ўзнагароду трэба было набываць за плату.

Круглы бронзавы медаль дыяметрам 28 мм трэба было насіць на бела-жоўта-чырвонай стужцы.

На адным баку ўзнагароды змешчаны два пагрудных партрэты: імператар Мікалай II у ваеннай форме і заснавальнік дынастыі - цар Міхаіл Фёдаравіч у шапцы Манамаха і бармах (шырокім каўняры).

На адваротным баку зроблены гарызантальны надпіс у пяць радкоў: “въ памяць // ЗОО-лљтія // царствованія // ДОМА РОМАНОВЫХЪ // 1613-1913”.

Некаторыя ўзнагароды выпускаліся з надпісам на рэверсе ў 6 радкоў. У асобных выпадках медалі выраблялі з пазалочанага срэбра і вельмі рэдка з золата.

З 1913 па 1914 г. на Санкт-Пецярбургскім манетным двары было выраблена больш за 1,5 мільёны экзэмпляраў адной з апошніх памятных узнагарод Расійскай імперыі.