Манета "У памяць 300-годдзя царавання Дома Раманавых"


У 1913 г. да выдатнай у расійскай гісторыі падзеі - святкавання 300-годдзя правячай дынастыі Раманавых - царскім загадам былі заснаваны: нагрудны знак, медаль і крыж “У памяць 300-годдзя царавання Дома Раманавых”, яйка ювелірнай кампаніі Фабержэ і юбілейны сярэбраны рубель. Юбілейную манету можна ўбачыць у экспазіцыі Краязнаўчага музея.

Увесь тыраж 1913 г. - 1,5 мільёны экзэмпляраў юбілейных рублёў - адчаканены на Санкт-Пецярбургскім манетным двары. Штэмпеля вырабіў вядомы скульптар-медальер Антон Васюцінскі. Пераважную большасць юбілейных рублёў складалі манеты з “выпуклымі”, больш рэльефнымі выявамі на адным баку.

На аверсе манеты змешчаны партрэты двух правіцеляў: злева – імператар Мікалай II у ваеннай форме, справа - першы цар з дынастыі Раманавых Міхаіл Фёдаравіч у царскім адзенні і шапцы Манамаха. Партрэты выкананы ў рамцы, акружанай узорам “рыса з кропкай”.

На рэверсе – выява двухгаловага царскага арла са скіпетрам і дзяржавай, над якім – надпіс з пазначэннем наміналу “РУБЛЬ”, унізе – даты “1613-1913”. Па перыметры таксама выкананы ўзор “рыса з кропкай”.

Гурт манеты гладкі, з надпісам “ЧИСТОГО СЕРЕБРА 4 ЗОЛОТНИКА 21 ДОЛЯ”. Вага рубля - 20 г., дыяметр - 33, 65 мм.