Медаль "У памяць 100-годдзя Айчыннай вайны 1812 г."


У экспазіцыі Краязнаўчага музея знаходзіцца медаль "У памяць 100-годдзя Айчыннай вайны 1812 г.". Ён быў перададзены нам Кобрынскім ваенна-гістарычным музеем імя Суворава ў 1954 годзе. Заснаваны медаль у 1912 годзе - у год 100-годдзя Айчыннай вайны - "...в память славных подвигов предков, принесших в жертву Отечеству свою жизнь и достояние". Узнагароду выраблялі са светлай бронзы. На яе правым баку - пагрудная выява Аляксандра I без імператарскіх атрыбутаў. На адваротным баку - шматслоўны надпіс у сем радкоў: "1812 СЛАВНЫЙ ГОД СЕЙ МИНУЛЪ, НО НЕ ПРОЙДУТЪ СОДЕЯННЫЕ ВЪ НЕМЪ ПОДВИГИ 1912". Надпіс для гэтага медаля быў пераняты са старога "Высочайшего приказа войскам...", падпісанага імператарам Аляксандрам I. Медаль прызначаны для нашэння на грудзях на Уладзімірскай стужцы. Было выраблена каля 442 тысяч юбілейных медалёў.

Такой узнагародай былі адзначаны ўсе ўдзельнікі святкаванняў – воінскія чыны ад салдата да генерала, якія служылі "...в тех войсковых частях..., которые участвовали в Отечественной войне 1812 года, от начала ее до окончательного изгнания неприятеля из пределов России, с 12 июня по 25 декабря 1812 г.".

Трэба сказаць, што ўзнагарождваліся гэтым медалём не толькі ваенныя, але і грамадзянскія служачыя, асобы духоўнага звання, якія афіцыйна прымалі "...участие в парадах на Бородинском поле и под Москвою", а таксама служачыя імператарскай канцылярыі, продкі якіх "...по случаю военного времени... следовали в походе за Императором Александром I".

Акрамя таго, яе ўручалі "…всем лицам, принимавшим деятельное участие в подготовке и по устройству юбилейных празднеств", а таксама "…всем прямым потомкам по мужской линии не только воинского звания, но и гражданских ведомств, а также духовенства, участвовавших в Отечественной войне 1812 года..., потомкам по женской линии генерал-фельдмаршала князя М.И. Кутузова". Цікавым фактам з’яўляецца тое, што ўсе, хто атрымаў права на ўзнагароду, павінны былі "...приобретать медаль за свой счет".