Медаль "За працу па выдатным выкананні ўсеагульнай мабілізацыі 1914 года"


Узнагароды, звязаныя з перыядам Першай сусветнай вайны, уводзіліся і ўручаліся не толькі за баявыя заслугі і подзвігі. У экспазіцыі Краязнаўчага музея вы можаце ўбачыць медаль “За працу па выдатным выкананні ўсеагульнай мабілізацыі 1914 года”.

Узнагарода ўведзена 12 лютага 1915 г. імператарам Мікалаем II. Яна ўручалася асобам, якія прымалі ўдзел у планаванні і правядзенні мабілізацыі войскаў напапярэдадні і ў пачатковы перыяд Першай сусветнай вайны, перавозчыкам войскаў, ваенных і медыцынскіх грузаў. З 8 снежня 1915 г. медалі сталі атрымліваць таксама асобы, якія праводзілі спартыўную падрыхтоўку дапрызыўнай моладзі.

Медаль дыяметрам 28 міліметраў выраблены са светлай бронзы. На аверсе змешчаны партрэт Мікалая II у профіль без імператарскіх атрыбутаў. На рэверсе – гарызантальны надпіс у пяць радкоў: “ЗА ТРУДЫ//ПО ОТЛИЧНОМУ//ВЫПОЛНЕНІЮ ВСЕОБЩЕЙ//МОБИЛИЗАЦІИ//1914 ГОДА”. Насіць медаль варта было на цёмна-сіняй стужцы ордэна Белага Арла. Гэта адзіны ў Расійскай імперыі выпадак выкарыстання гэтай стужкі з медалём.

У сувязі з вялікай колькасцю ўзнагароджанняў медалі выраблялі не толькі на Санкт-Пецярбургскім манетным двары, але і ў прыватных майстэрнях. Адрозніваліся яны, галоўным чынам, дэталямі выявы, некаторыя мелі пазалоту. Асноўны тыраж 50 тысяч экзэмпляраў.

Гэты медаль лічыцца апошняй узнагародай часоў царскай Расіі і першай у свеце ўзнагародай, уведзенай у сувязі з мабілізацыяй арміі.