Урачыстае перанясенне мошчаў прападобнай Еўфрасінні Полацкай


29 студзеня 1910 г. імператар Мікалай II зацвердзіў «Парадак урачыстага перанясення св. мошчаў прападобнай Еўфрасінні, князёўны Полацкай, з Кіева-Пячэрскай Успенскай Лаўры ў Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр». Свята-Еўфрасіннеўскія Урачыстасці пачаліся ў Кіеве 19 красавіка (2 мая па н. ст.). Мошчы прападобнай былі дастаўлены на параход «Галавачоў», які следаваў 737 км па Дняпры да Оршы. На шляху следавання параход рабіў прыпынкі толькі ў буйных населеных пунктах, такіх як Рэчыца, Магілёў і інш. Далей 201 км ад Оршы да Полацка вернікі неслі святыню на руках, каб ёй магло пакланіцца як мага больш людзей. 20 мая хрэсны ход прыбыў у Полацк, які «никогда не видел в стенах своих такого стечения народа, пришедшего не только из Витебской и соседних губерний, но и из Твери, с берегов Волги и других более отдаленных мест». 23 мая (5 чэрвеня па н. ст.) пасля Боскай Літургіі мошчы прападобнай Еўфрасінні былі змешчаны ў Спаса-Праабражэнскай царкве ў спецыяльна створанай для іх сярэбранай рацы, вырабленай на ахвяраванні вернікаў. Ва Урачыстасцях прымалі ўдзел вялікі князь Канстанцін Канстанцінавіч з сынамі, вялікая князёўна Лізавета Фёдараўна, каралева Грэцыі Вольга Канстанцінаўна, мітрапаліт Кіеўскі і Галіцкі Флавіян і іншыя вышэйшыя асобы.