Сялянскі быт ХІХ - пачатку ХХ стагоддзяў


Этнаграфічная частка экспазіцыі «Сялянскі быт» прадстаўлена рэканструкцыяй хаты XIX - пачатку ХХ стагоддзяў.

Паміж жылой часткай дома і ганкам знаходзіўся трысцен - памяшканне, у якім вы знаходзіцеся. У трысцене захоўвалі сельскагаспадарчы інвентар, посуд і іншыя прадметы, неабходныя ў побыце.

Большую частку хаты займала жылое памяшканне з печчу і комінам, што дазваляла тапіць яе «па-беламу». Печ грэла і карміла, таму і стаўленне да яе было асаблівым, паважлівым. Напрыклад, нявеста, каб печ яе прыняла, вешала на яе свой пояс. У першую ноч у новай хаце на печы павінен быў спаць стары або дзіця, каб убачыць прарочы сон.

Каля печы знаходзіўся «качарэжнік» - месца, дзе стаяў неабходны пячны інвентар (ухваты, хлебная лапата, качарга). Тут жа размяшчаўся «бабін кут», або гаспадарскі кут, з кадушкай для вады і рукамыем. Над вусцем печы, пад столлю, замацоўвалася драўляная перасоўка для сушкі адзення і бялізны.

Па дыяганалі ад печы знаходзілася самае ганаровае месца ў хаце - чырвоны кут, дзе развешвалі абразы, упрыгожаныя набожнікамі - вышытымі ручнікамі. Тут жа стаяў засланы абрусам стол. У будні дзень падчас абеду абрус здымалі, і ўся сям'я садзілася за стол, займаючы месца ў пэўнай паслядоўнасці: у чырвоным куце - гаспадар дома, за ім па старшынстве іншыя члены сям'і.

У зімовы час сялянская хата ператваралася ў майстэрню. Пры лучыне мужчыны плялі лапці, выраблялі посуд, майстравалі. Жанчыны пралі, ткалі, шылі адзенне, вязалі і вышывалі.