Спарыш ("блізняты", "двайнічкі")


У сялян падчас сенакосу або жніва карыстаўся попытам спарыш - посуд, які складаўся з двух, трох, часам чатырох гаршкоў. Ён служыў для пераносу прыгатаванай ежы ў поле.

Адзін з варыянтаў такога «палявога» посуду прадстаўлены ў музеі. Спарыш з двух невялікіх гаршкоў, змацаваных ручкай, быў выраблены майстрам ганчарнай арцелі «Чырвоны горн» Дарафеем Аляксандравічам Зелянкевічам, жыхаром вёскі Экімань Полацкага раёна.

Нягледзячы на даволі простае прызначэнне спарыша, яго назва мае больш глыбокі сэнс. Першапачаткова тэрмінам «спарыш» называлі двайное зерне ці двайны колас - сімвал урадлівасці. У міфалогіі ўсходніх славян Спарыш - дух жніва, надзелены здольнасцю забяспечваць «спор», г.зн. ураджай і багацце, дастатак і шчасце ў цэлым.