Ночва (начоўка, ночвы)


Ночва - выдзеўбанае з дрэва неглыбокае карыта, пасудзіна з шырокім адкрытым верхам. У сялянскай гаспадарцы ночву выкарыстоўвалі як любую ёмістасць. У ёй нарыхтоўвалі саленні, капусту, мяса для каўбас, прасейвалі муку. Гэта невялікае карытца прызначалася таксама для мыцця, купання, астуджэння піва, кармлення жывёлы і птушкі. Зімой сялянскія дзеці ў ночвах маглі нават катацца з гары, як у санках.

Лепшым матэрыялам для вырабу ночвы служылі мяккія пароды драўніны - ліпа ці асіна. З сярэдзіны XX ст. замест драўляных усё часцей сталі выкарыстоўваць металічныя начоўкі.

Ночвы ўжываліся таксама ў народным лячэнні маленькіх дзяцей ад «сурокаў». Для гэтага дзіця клалі пад карыта каля парога хлява і праганялі праз яго свіней. Затым з ночвы мыліся, каб «сурокі сышлі».