Фатаграфія Ю. Берманта


У 1898 г. слуцкі мешчанін Юдэль Рубінавіч Бермант атрымаў дазвол на адкрыццё фотамайстэрні ў горадзе Полацку. У пачатку ХХ ст. яго ўстанова знаходзілася на вуліцы Віцебскай, непадалёк ад помніка 1812 г., у доме Хейна. Пры майстэрні дзейнічала спецыяльнае атэлье "для увеличивания портретов до натуральной величины". Фотаработы Ю. Берманта не аднойчы былі адзначаны разнастайнымі ўзнагародамі: Ганаровы крыж і Вялікі залаты медаль выстаўкі ў Марсэлі ў 1908 г., Сярэбраны медаль на Станіслаўскай стужцы і Вялікі сярэбраны медаль выстаўкі ў Віцебскай губерні ў 1909 г., Пахвальныя лісты 1910—1912 гг.

Ю.Р. Бермант працаваў фатографам у полацкай Камісіі па ахове помнікаў даўніны і мастацтва. У 1922 г. у якасці штатнага фатографа ўдзельнічаў у мерапрыемстве па ўскрыцці мошчаў святых. Яго фотамайстэрня працавала да канца 1920-х гг.