Фотапартрэт І.К. Тамкавіда


2010 год ЮНЭСКА аб'явіла годам Івана Фаміча Хруцкага. У межах святкавання 200-годдзя з дня нараджэння таленавітага мастака па ўсёй краіне праходзяць разнастайныя мерапрыемствы. Многа ўвагі надаецца вывучэнню сямейнага дрэва Хруцкіх і збору біяграфічных звестак аб прадстаўніках гэтага роду. Вядома, што нашчадкі акадэміка жывапісу абіралі розныя прафесіі, але некаторыя ішлі ўслед за сваім знакамітым продкам і прысвячалі сваё жыццё служэнню выяўленчаму мастацтву. Адным з іх быў Іван Канстанцінавіч Тамкавід (1888-1972) - мастак-графік, унук І.Ф. Хруцкага. У 1906-1910 гг. ён вучыўся ў школе Ю. Пэна ў Віцебску. Доўгі час Іван Тамкавід працаваў карыкатурыстам пад псеўданімам "Ікар": спачатку ў часопісах "Весь мир", "Солнце России", а пасля 1917 г. - "Вокруг света", "Юный пролетарий". Акрамя гэтага ён ілюстраваў дзіцячыя кнігі. З жонкай Наталляй Рыгораўнай Грэбневай (1895-1976) Іван Канстанцінавіч жыў у Ленінградзе. Экспазіцыя Краязнаўчага музея захоўвае фотаздымак першай чвэрці ХХ стагоддзя, на якім малады Іван Тамкавід вачыма спрактыкаванага мастака ўглядаецца ў чысты аркуш паперы і алоўкам робіць накід будучага малюнка. Для тагачасных людзей паход у фатаграфію быў святам. Вось і мастак апрануты па-святочнаму: касцюм, белая кашуля і гальштук-матылёк. Гэты здымак у фонды музея-запаведніка трапіў у 2001 годзе ад жыхаркі горада Кіева Падун-Лук'янавай Л.М.