Фарміраванне органаў савецкай улады. Карп Фядотавіч Гатоўскі


Нарадзіўся ў 1892 г. у в. Залюбеж'е Полацкага павета (сёння — Расонскі раён). Працаваў у Пецярбурзе, на будаўніцтве чыгункі на Данбасе. У жніўні 1914 г. быў мабілізаваны ў армію. За бальшавісцкую агітацыю ў верасні 1917 г. быў на некалькі месяцаў арыштаваны.

У лютым—красавіку 1918 г. Карп Гатоўскі ў якасці камандзіра партызанскага атрада вёў барацьбу з германскімі войскамі на Полаччыне. У пачатку мая яго атрад уліўся ў рады Чырвонай Арміі, а камандзір быў назначаны павятовым ваенным камісарам. Адначасова ён быў абраны членам Полацкага павятовага выканкама і намеснікам Полацкага павятовага камітэта РКП(б). Пасля вызвалення горада ад германскіх войскаў, у лістападзе 1918 г. узяў прозвішча Гатоўскі—Быхавец.

У тым жа годзе ў якасці дэлегата прымаў удзел у рабоце V і VI Усерасійскіх з'ездаў Саветаў ад горада і павета. Змагаўся з бандамі Булак—Балаховіча і Галака. У мірны час працаваў начальнікам Ваеннай Акадэміі матарызацыі і механізацыі Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. У перыяд Вялікай Айчыннай вайны камандаваў танкавымі брыгадамі. Узнагароджаны ордэнам Леніна, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, медалямі, георгіеўскімі крыжамі. Памёр у 1947 г. Пахаваны ў Маскве.

Калекцыю яго асабістых рэчаў і дакументаў у 1973 г. перадала ў музей сваячка з Масквы Гатоўская Агафія Канстанцінаўна.