Установы адукацыі і культуры


Пасля рэвалюцыі была ўтворана адзіная працоўная школа, у якой было ўведзена бясплатнае навучанне, адменена вывучэнне Закона Божага. Для падрыхтоўкі настаўнікаў у Полацку пачалі працаваць педагагічныя курсы. У 1919 г. у горадзе ўжо было адкрыта адзінаццаць школ І ступені. Зменных школ і школ ІІ ступені таксама было адзінаццаць. Акрамя таго, працавалі адна польская і дзве яўрэйскія школы.

Асобныя вучэбныя ўстановы былі адкрыты на базе дарэвалюцыйных вучэбных устаноў. Так, напрыклад, настаўніцкая семінарыя была пераўтворана ў чатырохгадовы Педагагічны тэхнікум. У вучэбным корпусе былога жаночага епархіяльнага вучылішча размясціўся Полацкі лясны тэхнікум.

У 1919 г. у горадзе адкрылася Народная мастацкая школа пад кіраўніцтвам Д. Вінаградава, які працаваў мастаком у полацкай Камісіі па ахове помнікаў даўніны і мастацтва.

У канцы 1920 г. у Полацку працавалі клубы, хаты-чытальні, бібліятэкі, кінатэатры "Інтэрнацыянал" і "Калізей", тэатр-кіно пры Доме акруговай палітасветы, калектывы мастацкай самадзейнасці, інтэрнацыянальны народны хор, духавы і струнны аркестры. У будынку былога дваранскага сходу адкрыўся гарадскі тэатр.