Камісія па ахове помнікаў даўніны і мастацтва


У 1920 г. Віцебская губерня атрымала інструкцыю па выкананні дэкрэта аб аддзяленні царквы ад дзяржавы. Згодна інструкцыі ў тым жа годзе пры Полацкім аддзеле народнай адукацыі была створана Полацкая павятовая камісія па ахове помнікаў даўніны і мастацтва. У яе склад увайшлі прадстаўнікі аддзела народнай адукацыі і члены настаўніцкага гуртка аматараў даўніны, мастак і фатограф. Узначаліў камісію П.В. Дэйніс, які меў вышэйшую педагагічную і археалагічную адукацыю. Першачарговай задачай камісіі было выяўленне і ўлік царкоўных каштоўнасцяў. Па сутнасці, камісія правяла падрыхтоўчую працу для наступнай канфіскацыі царкоўнай маёмасці. Акрамя таго, камісія зрабіла вялікую працу па апісанні полацкіх храмаў, помніка 1812 г., вала Івана Грознага. Былі распачаты мерапрыемствы па іх ахове. Камісія арганізавала збор экспанатаў для будучага краязнаўчага музея.