Нямецкая акупацыя. Люты — лістапад 1918.


Парушыўшы ўмовы перамір'я, 18 лютага 1918 г. германскія войскі перайшлі ў наступленне і 25 чысла таго ж месяца захапілі Полацк. У першыя дні акупацыі ў горадзе і павеце былі ліквідаваны ўсе органы новай улады, а іх прадстаўнікі вымушаны былі эвакуіравацца. Скарыстаўшы сітуацыю, прыхільнікі Часовага Урада арганізавалі гарадскую Думу, але ў хуткім часе і яна была распушчана германскімі ўладамі.

У горадзе быў устаноўлены жорсткі акупацыйны рэжым, была ўведзена каменданцкая гадзіна. На палачан двойчы была накладзена кантрыбуцыя. Прыпынілі працу амаль усе прадпрыемствы, закрыліся школы і ўстановы, беспрацоўе дасягнула 80 %. У грашовае абарачэнне нароўні з керанкамі і рублямі былі ўведзены нямецкія маркі.

Са з'яўленнем звестак пра рэвалюцыю ў Германіі акупацыйныя войскі пачалі адступаць з Полацка, забіраючы з сабой ці знішчаючы каштоўную маёмасць, транспартныя сродкі. 21 лістапада 1918 г. у Полацк увайшлі чырвонаармейцы. З імі вярнуліся з эвакуацыі прадстаўнікі павятовай улады.