Дзяржава і рэлігія. 25.04.—21.05.1922 г. — канфіскацыя царкоўных каштоўнасцяў


У пачатку 1920-х гг. у горадзе пачалася кампанія па дыскрэдытацыі культу мошчаў святых. У перыяд Першай сусветнай вайны, падчас знаходжання мошчаў прападобнай Еўфрасінні Полацкай у эвакуацыі ў Растове, было праведзена іх першае ўскрыццё. Экспертыза не дала неабходных матэрыялаў для аб'яўлення мошчаў фальсіфікаванымі. Восенню 1921 г. святыня была вернута ў Полацк. Праз паўгады адбылося паўторнае ўскрыццё. Пазней мошчы прападобнай былі перавезены ў Віцебск у Музей губернскага аддзела народнай адукацыі.

Практычна ў адзін час з тым былі ўскрыты мошчы Андрэя Баболі, якія пасля былі прададзены Ватыкану.

У тым жа 1922 г. у Віцебскай губерні пачалася кампанія па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў. Мэтай мерапрыемства быў аб'яўлены збор сродкаў для галадаючых Паволжа. У сямі храмах Полацка была праведзена аперацыя «Баявік», у ходзе якой з Полацка было вывезена 200 кг золата і срэбра.