Газета «Известия армейского Совета солдатских депутатов III армии и Полоцкого Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов»


Першапачаткова газета называлася "Голос III Армии" і выпускалася штабам 3-й арміі Заходняга фронту, які знаходзіўся ў Полацку. Пасля захопу ўлады бальшавікамі і ўтварэння полацкага ВРК (ваенна-рэвалюцыйнага камітэта) пачала выходзіць газета "Известия военно-революционного комитета III Армии", а пасля расфарміравання камітэта выданне стала друкаваным органам аб'яднанага Савета рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў.

Са студзеня па люты 1918 г. газета выходзіла пад назвай "Известия армейского Совета солдатских депутатов III армии и Полоцкого Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов" на рускай мове 5-6 разоў на тыдзень. Яна была заклікана дакладна і як мага падрабязней распавесці пра жыццё палачан: пра ўзяцце пад кантроль усіх прадпрыемстваў горада і маёмасці, пра наладжванне вытворчасці тавараў і прадуктаў першачарговай патрэбы, пра тых, хто не жадае жыць па-новаму, пра паляпшэнне жыцця і побыту працоўных.

Апошні вядомы нумар газеты выйшаў 15 лютага 1918 г., а ўжо праз дзесяць дзён, 25 лютага, у Полацк увайшлі германскія войскі і выпуск выдання быў прыпынены. Толькі 22 лістапада 1918 г., на другі дзень пасля вызвалення горада, выданне мясцовай газеты аднавілася, але называлася яна "Красная газета".

З калекцыі дакументаў Мікалая Аляксандравіча Маніса.