Рэвалюцыйныя падзеі ў Полацку. 1917.


Падзеі Лютаўскай рэвалюцыі былі сустрэты палачанамі масавай дэманстрацыяй, раззбраеннем паліцыі і жандармерыі, выхадам з падполля бальшавікоў-адзіночак і актывізацыяй іх дзейнасці сярод рабочых і салдат. У горадзе былі арганізаваны першыя прафсаюзы. На ўсіх прадпрыемствах і ва ўстановах горада пачалі праходзіць выбары ў Савет рабочых дэпутатаў, які прыступіў да працы ўжо 15 сакавіка. Хутка ён быў аб'яднаны з Саветам салдацкіх дэпутатаў 3-й арміі. Адначасова з тым пачалі сваю дзейнасць гарадскі і павятовы камісарыяты як органы Часовага Урада. У Полацку ўстанавілася двоеўладдзе, якое працягнулася некалькі месяцаў.

Звесткі пра адбыўшыйся ў Петраградзе Кастрычніцкі пераварот былі ўспрыняты палачанамі не адназначна. Вялікая колькасць салдат 3-й арміі Заходняга фронту, расквартыраваных у горадзе і яго ваколіцах, паўплывала на наступныя падзеі. Пры падтрымцы шматлікіх вайсковых частак з 15 лістапада ўся ўлада ў арміі, Полацку і павеце перайшла ў рукі Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, утворанага бальшавікамі.