Дзяржаўны крэдытны білет «1 рубель» узору 1898 г.


Урад новаўтворанай РСФСР у 1917–1918 гг. за адсутнасцю часу прыняў рашэнне зноў выпускаць купюры ўзору 1898–1912 гг. Каля 90 % банкнот з датамі «1898», «1905», «1909», «1910» і «1912» былі выпушчаны ў той час.
Узорам для прадстаўленай у экспазіцыі музея банкноты наміналам 1 рубель паслужыла банкнота адпаведнага наміналу, выпушчаная ў 1915 г. Гэты крэдытны білет у сваю чаргу па знешнім выглядзе поўнасцю паўтараў аналагічны білет узору 1898 г., але меў спрошчаную нумарацыю: замест шасцізначнай выкарыстоўвалася адна-, двух- і трохзначная серыйная, серыі двухліцерныя. Менавіта па серыі і нумару можна вызначыць, кім і калі была выпушчана банкнота.

На аверсе ў верхняй частцы банкноты па ўсяму полю маецца надпіс «Дзяржаўны крэдытны Білет», у ніжняй частцы – год выпуску ўзору – «1898». У цэнтры – асноўная выява, якая падзелена на тры часткі калонамі, увянчанымі двухгаловымі арламі з адзінай каронай з распраўленымі крыламі. У левай частцы цэнтральнага поля змешчаны малы дзяржаўны герб узору 1883 г. У цэнтральнай частцы на заслоне маецца надпіс «ОДИН РУБЛЬ», ніжэй – надпіс «Государственный Банк разменивает кредитные билеты на золотую монету без ограничения суммы (1 р. = 1/15 империала, содержит 17,424 долей чистого золота)», ніжэй – подпісы кіраўніка І.П. Шыпава і касіра. Усе гэтыя надпісы размешчаны на фоне лічбы «1». У правай частцы банкноты знаходзіцца вензель Мікалая II.

Рэверс, як і аверс, падзелены на тры часткі: у левай – слова «рубль» на фоне лічбы «1», па цэнтры – малы дзяржаўны герб узору 1883 г. у круглай рамцы на перакрыжаваных галінах дуба і аліўкавага дрэва. На правай частцы – вытрымка з закону ад 14 лістапада 1897 г.: «1. Размен Государственных кредитных билетов на золотую монету обеспечивается всем достоянием Государства. 2. Государственные кредитные билеты имеют хождение по всей Империи наравне с золотою монетою. 3. За подделку кредитных билетов виновный подвергается лишению всех прав состояния и ссылке в каторжную работу».

Вадзяны знак уяўляе сабой два віды трохвугольнікаў, якія ўтвараюць ромбы.

Крэдытныя білеты наміналам 1 рубель узору 1898 г. са спрошчанай нумарацыяй былі ў абарачэнні да 1 кастрычніка 1922 г., калі згодна дэкрэту Савета народных камісараў ад 8 кастрычніка 1922 г. «Аб устанаўленні аднароднасці грашовага абарачэння» згубілі плацёжную сілу. Абмен іх праводзіўся з разліку 10.000 рублёў за 1 рубель грашовымі знакамі ўзору 1922 г.