Казначэйскія знакі 20 рублёў ("керанкі")


З грашовых знакаў, якія прадстаўлены ў экспазіцыі Краязнаўчага музея, сваім незвычайным знешнім выглядам вылучаюцца казначэйскія білеты наміналам 20 рублёў. У народзе яны атрымалі назву “керанкі” ад імя апошняга старшыні Часовага ўрада А.Ф. Керанскага.

Знешняе афармленне казначэйскіх знакаў было даволі простым. На правым баку размяшчаліся: назва, намінал, выява новага дзяржаўнага герба – двухгаловага арла без імперскіх карон, скіпетра і дзяржавы, а таксама надпіс «обязателен к обращению наряду с кредитными билетами». Банкноты не мелі такіх звыклых атрыбутаў грошай як вадзяныя знакі, серыя і нумар. Гэта разам з невысокай якасцю паперы, якая выкарыстоўвалася пры друку, зрабіла іх самымі папулярнымі грашовымі знакамі таго перыяду, з якіх рабілі падробкі.

“Керанкі” друкаваліся наміналам 20 і 40 рублёў лістамі па 40 штук. Спосаб іх друку дазваляў рабіць разлік або цэлымі лістамі, або вызначанай колькасцю адрэзаных знакаў. Акрамя таго, з-за вялікага памеру ліста з’явілася ідэя разразання яго на стужкі і скручвання ў трубачкі, як у свой час рабілі кандуктары трамваяў.

Казначэйскія знакі паступілі ў грашовае абарачэнне Расійскай рэспублікі ў верасні 1917 года і ўводзіліся як часовыя дзяржзнакі. Аднак Дзяржбанк РСФСР працягваў іх выпуск аж да 1919 года. З грашовага абарачэння “керанкі” былі выведзены напрыканцы 1922 года.