Вінтоўка Мосіна


Ваенная гісторыя налічвае не так шмат прыкладаў таго, калі агнястрэльная зброя на працягу ўжо больш чым стагоддзя не губляе сваёй актуальнасці. Знакамітую вінтоўку Мосіна можна сёння ўбачыць у экспазіцыі Краязнаўчага музея.

Трохлінейная вінтоўка сістэмы Мосіна ўзору 1891 года па праву лічыцца адным з самых вядомых узораў рускай стралковай зброі. Афіцыйна гэтая мадэль была прынята на ўзбраенне царскай арміі пад назвай «трохлінейная вінтоўка ўзору 1891». Прозвішча галоўнага канструктара вінтоўкі - Сяргея Іванавіча Мосіна - у назве не называлася. У войску зброю папросту называлі «трохлінейкай». Назва паходзіла ад калібра зброі. Пераход да 3-лінейнага калібра дазволіў істотна павялічыць дальнасць стральбы і палепшыць балістычныя ўласцівасці. «Трохлінейка» стала першай расійскай магазінай вінтоўкай (у магазіне змяшчалася пяць патронаў). Для бліжняга бою да ствала вінтоўкі далучаўся ігольчаты штык, які складаўся з ляза, зашчэпкі, шыйкі і трубкі, якая мацавалася на дульную частку ствала.

Вінтоўка Мосіна была асноўнай зброяй Чырвонай Арміі, усе навабранцы ў абавязковым парадку вывучалі ўстройства «трохлінейкі», вучыліся з яе страляць. У 1932 годзе пачалася серыйная вытворчасць снайперскай вінтоўкі, якая адрознівалася наяўнасцю аптычнага прыцэла. У канцы 30-х гг. ХХ стагоддзя ў Савецкім Саюзе былі створаны больш сучасныя ўзоры вінтовак, але ні адзін з іх не атрымаў такога распаўсюджання, як простая і надзейная «трохлінейка».

У гады Вялікай Айчыннай вайны вінтоўка заставалася самай масавай стралковай зброяй: з 1941 па 1945 г. было выпушчана больш за 12 млн вінтовак Мосіна.

Пасля вайны ў СССР на базе «трохлінейкі» было створана некалькі варыянтаў спартыўных вінтовак для стральбы па цэлях. Мадэрнізацыя зброі працягваецца і сёння.