"Думскія грошы"


У экспазіцыі 2-га паверха Краязнаўчага музея знаходзіцца невялікая калекцыя дзяржаўных аблігацый і грашовых знакаў перыяду Часовага ўрада. Асаблівае месца ў ей займае дзяржаўны крэдытны білет вартасцю 250 рублёў. У народзе гэты знак і крэдытны білет наміналам 1000 рублёў атрымалі назву “думкі”, або “думскія грошы”, бо на адваротным баку 1000-рублёвай банкноты размяшчалася выява Таўрычаскага палаца, дзе адбываліся пасяджэнні Дзяржаўнай думы.

Знешні выгляд крэдытных білетаў меў прадуманы дызайн і багатае мастацкае афармленне. На правым баку абодвух наміналаў размяшчалася найменне знака, абазначэнне наміналу лічбамі, а таксама тэкст аб размене на залатую манету. Тут жа ставіліся год выпуску, серыя ў выглядзе спалучэння дзвюх літар і трох лічбаў, подпісы кіраўніка Дзяржбанка і касіра. На адваротным баку банкноты вартасцю 250 рублёў размешчана выява двухгаловага арла без рэгалій царскай улады.

Асаблівасцю афармлення крэдытных білетаў была выява свастыкі. Хутчэй за ўсё, яна выкарыстоўвалася як элемент абароны ад падробкі. Старажытны знак можна разглядаць і як прыкмету новага жыцця, якое зараджалася ў Расіі.