Дакументы Я.А. Маціеўскай


Комплекс прысвечаны праўнучцы першага акадэміка жывапісу Івана Фаміча Хруцкага — Ядзвізе Аляксандраўне Маціеўскай, дзяцінства якой непарыўна звязана з Полацкам.

Ядзвіга нарадзілася ў 1916 г. у Пецярбурзе, але хутка яе маці з дзецьмі пераехала ў маёнтак Захарнічы пад Полацкам, які па ўласным праекце будаваў іх вялікі продак. На фатаграфіі 1919 г., зробленай, як мяркуецца, у Захарнічах, вы можаце бачыць Ядзвігу і яе сястру Алену. У 1932 г. Я. Маціеўская скончыла полацкую польскую школу № 7, аб чым сведчыць атэстат аб заканчэнні, прадстаўлены ў экспазіцыі, а таксама грамата «Лепшаму ўдарніку, актыўнаму барацьбіту за політэхнічную школу». Нядзіўна, што Ядзвіга Аляксандраўна добра ведала польскую мову і нават пісала на ёй вершы. Адзін з яе рукапісаў з вершамі «TROJKA» можна пачытаць у нашым музеі.

Пасля заканчэння школы Ядзвіга вучылася ў Ленінградзе ў тэхнікуме, а паздней — у Горным інстытуце, і дадаткова наведвала студыю жывапісу на Васільеўскім востраве. Гэта і вызначыла яе далейшы лёс. З 1943 г. Ядзвіга Аляксандраўна вучылася ў Акадэміі мастацтваў, эвакуіраванай у Самарканд. Там яна перавялася ў Кіеўскі мастацкі інстытут, дзе і працягнула навучанне. У 1958 г. маладая мастачка стала членам Саюза мастакоў Украіны і прымала ўдзел у выстаўках як на терыторыі Савецкага Саюза, так і за мяжой.

У 1980–1990-х гг. Я. Маціеўская, збіраючы звесткі аб сваіх родных, некалькі разоў прыязджала ў Полацк. Разам з мясцовымі краязнаўцамі ёй удалося знайсці на старых могілках у Захарнічах пахаванне І. Ф. Хруцкага. У 1997 г. згодна з духоўным завяшчаннем Я. А. Маціеўскай скрыня з яе прахам была захавана на могілках у Захарнічах побач з пахаваннем прадзеда, а фонды Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка папоўніліся 181 жывапіснай і 539 графічнымі работамі, а таксама дакументамі мастачкі. З каталогам яе работ з фондаў НПГКМЗ можна азнаёміцца па спасылцы: http://local.polotsk.museum.by/node/22305.

У экспазіцыі музея можна таксама ўбачыць фотапартрэт яшчэ аднаго прадстаўніка роду Хруцкіх.