Дакументы Л.Г. Дэйніс (Казьянінай)


Любоў Георгіеўна Казьяніна нарадзілася ў Полацку ў 1897 г. Яна была малодшай з трох сясцёр, прысвяціўшых сваё жыццё педагагічнай дзейнасці.

У 1917 г. Любоў скончыла Полацкую жаночую гімназію. Праз 2 гады пачаўся яе працоўны шлях у якасці настаўніка. Да Вялікай Айчыннай вайны Любоў Георгіеўна працавала ў школах № 5, 8, 10 і ў чыгуначнай школе ў раёне Грамы. У 1936-1938 гг. яна навучалася ў Маскве ў Цэнтральным інстытуце завочнага навучання замежным мовам, дзе атрымала спярша пасведчанні аб заканчэнні курсаў нямецкай мовы і прысваенні звання перакладчыка сярэдняй кваліфікацыі грамадска-палітычнай літаратуры з замежнай мовы на рускую, а пазней - атэстат аб заканчэнні трохгадовых курсаў замежных моў і прысваенні звання настаўніка сярэдняй школы з правам выкладання ў першых сямі класах. У дакументах Любоў Георгіеўна ўпамінаецца пад прозвішчам свайго мужа - Івана Пятровіча Дэйніса - полацкага педагога і краязнаўцы.

У ваенны час Л.Г. Дэйніс з сям'ёй знаходзілася ў эвакуацыі ў Белаярску і Шчучыне, дзе таксама працавала настаўнікам. Пасля вяртання ў родны горад з 1945 па 1959 г. была дырэктарам ІІ сямігадовай школы, а затым выйшла на заслужаны адпачынак. За сваю працоўную дзейнасць Любоў Георгіеўна Дэйніс была ўзнагароджана Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі "За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне", юбілейнымі медалямі, значком "Выдатнік асветы БССР". Памерла ў 1983 г.

У экспазіцыі музея маюцца і іншыя дакументы Л.Г. Дэйніс і яе сям'і.