І.П. Дэйніс — настаўнік, краязнаўца, Ганаровы грамадзянін г. Полацка


Нарадзіўся ў 1900 г. у Невелі. Праз пяць гадоў сям'я пераехала ў Полацк. Пасля заканчэння Віцебскай гімназіі ў 1917—1919 гг. І. Дэйніс працаваў у харчовым камітэце, быў чорнарабочым. У 1919 г. навучаўся на аднагадовых педкурсах, па заканчэнні якіх працаваў настаўнікам у 1-й Савецкай школе. Праз год перайшоў на пасаду выкладчыка прыродазнаўства, фізікі і біялогіі 43-х Полацкіх аб'яднаных курсаў камсаставу Чырвонай Арміі, там жа працаваў бібліятэкарам. Адначасова з тым быў сакратаром полацкай Камісіі па ахове помнікаў даўніны і мастацтва, якую ўзначальваў яго бацька Пётр Восіпавіч, актыўна займаўся краязнаўчай і экскурсійнай працай.

У 1929 г. І.П. Дэйніс скончыў БДУ, і больш за дваццаць пяць год працаваў выкладчыкам у Полацкім лясным тэхнікуме, якому прысвяціў адну са сваіх даследчыцкіх работ. Адправіўшыся ў 1960 г. на заслужаны адпачынак, І.П. Дэйніс поўнасцю прысвяціў сябе даследчыцкай і пошукавай працы. Званне Ганаровага грамадзяніна г. Полацка было прысвоена ў 1967 г. у ліку першых. Памёр у 1985 г. Пахаваны ў Полацку.

Івану Пятровічу Дэйнісу належыць аўтарства болей за дзесяць рукапісаў, ім складзена пяць альбомаў з 230 уласнаручнымі замалёўкамі даваеннага Полацка. У розныя гады ад яго самаго і яго родных у музей паступіла больш за трыста прадметаў, сярод якіх каштоўныя дакументы, рэдкія кнігі, фатаграфіі, альбомы.

Азнаёміцца з больш падрабязнай інфармацыяй і паглядзець відыё пра гэтага чалавека можна па спасылцы: http://local.polotsk.museum.by/be/node/37804; а таксама даведацца пра яго жонку - Любоў Георгіеўну Дэйніс - педагога з 40-гадовым стажам.