Бронзавая сякера

Каля 4000 гадоў таму на тэрыторыі Беларусі пачынаецца бронзавы век, перыяд, адной з асаблівасцяў якога стала прымяненне металічных прылад у гаспадарчых і ваенных мэтах. Для вырабу прылад выкарыстоўваліся медныя і бронзавыя сплавы.

У краязнаўчым музеі Полацка можна пазнаёміцца з такім вырабам старажытных майстроў, як бронзавая сякера. Прадмет датуецца ІІ-пач. І тыс. да н.э. і адносіцца да артэфактаў ранняга перыяду эпохі бронзы. Сякерышча для такой прылады на адным канцы было загнута ў выглядзе калена і расшчэплена. Сякера мацавалася да сякерышча з дапамогай скураных папружак. Для больш ўстойлівага мацавання служылі бакавыя выступы – закраіны.


Прадмет быў знойдзены і перададзены ў фонды музея-запаведніка жыхаром горада Наваполацка Варанько Міхаілам Міхайлавічам.