Полаччына ў далетапісны перыяд


Завяршэнне апошняга ледавіковага перыяду каля 12 тыс. гадоў назад стварыла спрыяльныя ўмовы для актыўнага асваення і засялення тэрыторыі будучай Полаччыны. Найстаражытнейшымі паселішчамі ў Полацкім рэгіёне з’яўляюцца мезалітычныя стаянкі каля вёсак Крумплева і Пятроўцы. На першай з іх былі знойдзены крамянёвыя прылады працы, узрост якіх каля 10 тыс. гадоў.

У неаліце з'явіўся керамічны посуд і шырока распаўсюдзіліся новыя спосабы апрацоўкі каменя: пілаванне, шліфаванне і свідраванне.

Бронзавы і жалезны вякі сталі часам рассялення і асіміляцыі мясцовага насельніцтва індаеўрапейцамі. Адбыўся пераход ад спажывецкай да вытворчай гаспадаркі. Асноўнымі заняткамі былі земляробства і жывёлагадоўля. Чалавек асвоіў здабычу і апрацоўку медзі, бронзы, а затым і жалеза. Апошняе атрымлівалі шляхам сырадутнага працэсу з мясцовых балотных і азёрных руд.

Каля 2,5 тыс. гадоў назад на правым мысе Палаты балты заснавалі гарадзішча, якое стала першым пасяленнем у межах сучаснага Полацка.