Неалітычныя сякеры


Неаліт (новы каменны век) на Беларусі настаў у канцы 5-га тыс. да н.э. і працягваўся каля трох тысяч гадоў. У гэты час з'явіліся новыя спосабы апрацоўкі каменю (пілаванне, свідраванне, шліфоўка), што дазволіла чалавеку зрабіць прылады працы больш дасканалымі і буйнымі па памерах.

У неалітычную эпоху павялічылася колькасць такіх прылад, як цёслы і долаты. Каменнае долата з завостраным канцом ўзростам каля 5,5 тысяч гадоў, выстаўлена ў Краязнаўчым музеі. Такі выраб служыў чалавеку пры стварэнні чоўнаў-аднадрэвак і драўляных прадметаў побыту.

Адначасова з тым на Беларусі распаўсюдзіліся рубячыя прылады. Старанна адшліфаваныя каменныя сякеры 4-2 тыс. да н.э. можна ўбачыць у вітрынах Краязнаўчага музея. Частка з іх мае акуратна прасвідраваныя адтуліны для мацавання ручкі. Каб атрымаць роўную цыліндрычную адтуліну, выкарыстоўвалі трубчастую косць жывёлы і вільготны кварцавы пясок. Адна з прадстаўленых сякер недаапрацавана майстрам: на яе паверхні ёсць толькі акуратны заглыблены круг.

Тагачасныя сякеры выкарыстоўвалі не толькі для рубкі лясоў і хмызняку, але і ў якасці малаткоў і кліноў для рашчаплення дрэва. На тэрыторыі Падзвіння падобныя знаходкі сустракаюцца і ў Полацкім раёне.

Эксперыментальным спосабам выяўлена, што на выраб крамянёвай паліраванай сякеры першабытнаму чалавеку патрабавалася каля тыдня. Такой прыладай дарослы мужчына мог ссекчы сасну дыяметрам 25 см за 15 хвілін, а выдзеўбсці драўляную лодку - за 12 дзён.


Неалітычныя сякеры ў экспазіцыі Краязнаўчага музея г. Полацка
Неалітычныя клінападобныя сякеры
Каменныя свідраваныя сякеры эпохі неаліту
Сякера з паметкай для свідравання