Крыца


На Беларусі людзі навучыліся здабываць жалеза ў эпоху жалезнага веку (7 ст. да н.э. - 5 ст. н.э.). Тагачасная металургія была заснавана на вытворчасці з мясцовых жалезных (балотных) руд сырадутным спосабам. У спецыяльную печ-домніцу загружалі пластамі драўнінны вугаль, сушаную і здробненую руду з вапнай. Праз спецыяльныя гліняныя трубкі-соплы з дапамогай мяхоў штучна падавалася паветра. У камеры гарэння стваралася высокая тэмпература - да 1200 °С. У выглядзе дробных размякчаных зярнят, якія спякаліся паміж сабой, жалеза асядала на дно печы. Атрыманае крычнае жалеза было яшчэ не прыдатнае для выкарыстання, таму ў далейшым яго зноў разагравалі і пракоўвалі молатамі, каб выдаліць шлакі і зрабіць метал больш шчыльным. Маса крыцы залежыла ад аб'ёму плавільнай печы і магла дасягаць некалькіх кілаграмаў.

Пры археалагічных раскопках гарадзішчаў і селішчаў часта трапляецца недаапрацаванае крычнае жалеза - бясформенныя цвёрдыя кавалкі металу са шлакавымі ўключэннямі. Адна з крыц была знойдзена Валянцінам Аляксандравічам Булкіным у Полацку ў 1977 г. падчас археалагічнага вывучэння Верхняга замка. Гэты экземпляр у выглядзе кавалка губчастага жалеза вучоныя адносяць да ХІ-ХІІІ стст. Дадзеная крыца прадстаўлена ў экспазіцыі Краязнаўчага музея.