Жалезны крыж


Жалезны крыж быў заснаваны 10 сакавіка 1813 г. прускім каралём Фрыдрыхам Вільгельмам ІІІ. Распрацоўка знешняга выгляду крыжа была даручана прускаму архітэктару і мастаку Карлу Фрыдрыху Шынкелю. За аснову праекта ордэна Шынкель узяў роўнабаковы тэўтонскі крыж, вядомы яшчэ з XIV ст. З'яўленне Жалезнага крыжа сярод узнагарод Прусіі было выклікана неабходнасцю згуртавання арміі і народа ў барацьбе за вызваленне Айчыны ад напалеонаўскай арміі. Пасля заканчэння напалеонаўскіх войнаў гэтая ўзнагарода не ўручалася. Яе некалькі разоў адраджалі ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі: у 1870 г. (Франка-пруская вайна), у 1914 г. (Першая сусветная вайна) і ў 1939 г. (Другая сусветная вайна).

Ордэн меў чатыры разнавіднасці: Жалезны крыж 2-га класа, Жалезны крыж 1-га класа, Вялікі Жалезны крыж і Вялікая зорка Жалезнага крыжа. Апошняя за ўсю гісторыю ўручалася толькі двойчы. У 1815 г. яе атрымаў генерал-фельдмаршал Гебхард фон Блюхер, а ў 1918 г. – генерал-фельдмаршал Пауль фон Гіндэнбург.

Жалезны крыж 1-га класа часоў Першай сусветнай вайны прадстаўлены ў экспазіцыі Краязнаўчага музея. Гэты ордэн быў заснаваны імператарам Вільгельмам II на пяты дзень вайны. Ён уяўляе сабой роўнабаковы крыж з жалеза, правы бок якога пакрыты чорнай эмаллю, са срэбранай акантоўкай. На верхнім промні размешчана стылізаваная пруская карона, у цэнтры – вензель імператара Вільгельма II, на ніжнім – дата "1914".

За гады Першай сусветнай вайны Жалезны крыж стаў па-сапраўднаму масавай узнагародай. Так, ордэнам 2-га класа было ўзнагароджана больш за 5 млн. чалавек, а ордэнам 1-га класа – каля 218 000 салдат і афіцэраў. У пачатку 1915 г. былі ўнесены змены ў статут узнагароды, пасля чаго Жалезны крыж маглі атрымаць не толькі падданыя Германскай імперыі, але і грамадзяне краін-саюзніц. У гады вайны ордэнам 2-га класа ўпершыню былі ўзнагароджаны жанчыны. Праўда, такіх выпадкаў было ўсяго чатыры. Па заканчэнні баявых дзеянняў на франтах Першай сусветай у лістападзе 1918 г. прыпынілася і практыка ўзнагароджання Жалезным крыжам.