Кулямёт "Максім"


Брытанскі падданы амерыканскага паходжання Хайрэм Стывенс Максім (1840-1916) быў таленавітым вынаходцам. Ён удасканаліў электралямпачку раней за Т. Эдысана і пабудаваў аэраплан раней за братоў Райт. Але гэтых яго дасягненняў цяпер ужо ніхто не памятае. Х. Максім увайшоў у гісторыю як вынаходца самага смяротнага віду зброі канца XIX - пачатку XX стст.

У 1873 г. Х. Максім стварыў першы ўзор аўтаматычнай зброі - кулямёт “Максім”. 10 гадоў пайшло на абдумванне, разлікі і ўдасканаленне канструкцыі ў чарцяжах. У ЗША вынаходка нікога не зацікавіла, таму Максім эміграваў у Вялікабрытанію, дзе яго распрацоўкай усур'ёз зацікавіўся брытанскі банкір Натаніэль Ротшыльд, які пагадзіўся фінансаваць вытворчасць кулямёта.

Пасля паспяховай дэманстрацыі сваёй вынаходкі ў Швейцарыі, Італіі і Аўстрыі Х. Максім прыехаў у Расію з паказальным узорам кулямёта 45-га калібра (11,43 мм). Зброя прайшла выпрабаванні на палігоне. 8 сакавіка 1888 г. з кулямёта страляў імператар Аляксандр III.

У пачатку 1899 г. за пастаўкі кулямётаў “Максім” узялося прадпрыемства “Сыновья Виккерс и Максим”. Праз 2 гады кулямёт на колавым лафеце англійскага ўзору быў прыняты на ўзбраенне сухапутных войскаў. “Максім” масай 244 кг планавалася выкарыстоўваць для абароны фартэцый, для адбівання агнём масіраваных нападаў пяхоты праціўніка з загадзя абсталяваных пазіцый.

У сакавіку 1904 г. пачалася серыйная вытворчасць кулямётаў “Максім” на Тульскім зброевым заводзе. Тульскія збройнікі ўнеслі каля 200 змяненняў у канструкцыю кулямёта і істотна паменшылі яго вагу. Англійскі колавы лафет замянілі на палегчаны колавы станок А. Сакалова, а бранявы шчыт англійскага ўзору - на бронешчыт паменшаных памераў. Акрамя таго, А. Сакалоў спраектаваў скрыні для патронаў, двухколку для іх перавозкі, а таксама герметычныя цыліндры для скрынь з патронамі. У выніку, “Максім” узору 1910 г. са станком важыў прыкладна 62 кг. Да жніўня 1914 г. царская армія мела на ўзбраенні каля 4 тысяч кулямётаў.

У экспазіцыі Краязнаўчага музея прадстаўлены 7,62-міліметровы кулямёт сістэмы “Максім” узору 1910 г. Зброя заснавана на аўтаматыцы з аддачай ствала, які мае кароткі ход. Па меры стрэлу парахавыя газы адпраўляюць ствол назад, прыводзячы ў рух механізм перазараду, які вынімае са стужкі патрон і адпраўляе яго ў казённік (задняя частка ствала, дзе размешчаны затвор). Пасля стрэлу аперацыя паўтараецца. Кулямёт меў сярэдні тэмп стральбы - 600 стрэлаў у хвіліну.

“Максім” быў не толькі самым першым кулямётам, але і самым прымянімым відам зброі (выкарыстоўваўся ў абедзвюх сусветных і ў многіх лакальных войнах). Апошні факт ужывання кулямёта зафіксаваны ў 1969 г. падчас савецка-кітайскага пагранічнага канфлікту на Даманскім востраве.