Будзёнаўка


У снежні 1918 г. у РСФСР быў зацверджаны новы тып зімовага галаўнога ўбора, які нагадваў частку даспехаў былінных рускіх волатаў, за што і атрымаў побытавую назву «богатырка». Над распрацоўкай фасону гэтага галаўнога ўбора працавалі такія вядомыя рускія мастакі, як В.М. Васняцоў, Б.М. Кустодзіеў і іншыя.

Спераду над казырком шлема нашывалася пяціканцовая зорка з сукна, колер якога залежыў ад роду войск Чырвонай Арміі. У цэнтры зоркі першапачаткова мацавалася пакрытая чырвонай эмаллю пяціканцовая зорка з перакрыжаванымі плугам і молатам. Першымі, хто прыняў удзел у баявых дзеяннях у новай форме, былі прадстаўнікі Коннай арміі С.М. Будзёнага, пасля чаго багатырку перайменавалі ў будзёнаўку. У 1926 г. колер сукна шлема быў зменены з цёмна-шэрага на абарончы.

Разнастайныя мадэлі і мадзіфікацыі будзёнаўкі выкарыстоўваліся часцямі Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі, а таксама савецкай міліцыяй да пачатку 1940-х гг. Канчаткова нашэнне будзёнаўкі было адменена з ліпеня 1940 г. На змену ёй прыйшла шапка-вушанка, аднак дзе-нідзе будзёнаўкі працягвалі насіць да 1944 г.

З калекцыі асабістых рэчаў і дакументаў Карпа Фядотавіча Гатоўскага.