Курсы чырвоных камандзіраў у Полацку. 20 лістапада 1920 — 9 кастрычніка 1922.


Пасля заканчэння савецка-польскай вайны ў лістападзе 1920 г. у Полацку былі адкрыты 43-я аб'яднаныя курсы камсаставу для падрыхтоўкі камандзіраў пяхоты, кавалерыі і артылерыі. Для іх размяшчэння былі выдзелены памяшканні былога кадэцкага корпуса. Са студзеня 1921 г. начальнікам курсаў быў назначаны Я.Ф. Фабрыцыус.

На курсы залічваліся чырвонаармейцы, загартаваныя і вызначыўшыеся ў баях. Акрамя характарыстыкі ад прэтэндэнтаў патрабавалася валоданне азамі граматы. Курсанты з нізкім агульнаадукацыйным узроўнем спярша займаліся на чатырохмесячных падрыхтоўчых курсах, вывучаючы палітграмату, асновы агульнаадукацыйных прадметаў, спецыяльныя ваенныя дысцыпліны. Агульны тэрмін навучання складаў 6—8 месяцаў. На курсах займалася пяцьсот чалавек у батальёне пяхоты, па трыста — у кавалерыйскім і артылерыйскім дывізіёнах. У клубе пры курсах працавалі драматычны, харавыя, музычныя гурткі, спартыўныя секцыі, бібліятэка. Летам курсанты праходзілі лагерныя зборы. За час працы курсаў было здзейснена тры выпускі.