Закладная дошка Пакроўскай царквы


У 1781 г. на полацкіх могілках быў пастаўлены храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы, перабудаваны са старой драўлянай царквы. 21 мая 1900 г. будынак Пакроўскай царквы згарэў пры пажары, які знішчыў больш за 100 дамоў.

У сакавіку 1901 г. у газеце "Віцебскія ведамасці" быў надрукаваны заклік да ахвяравання на пабудову ў горадзе Полацку новага Пакроўскага храма замест згарэўшага. Грошы збіралі доўга. Толькі ў снежні 1903 г. Полацкая праваслаўная духоўная кансісторыя выдала загад аб будаўніцтве новай царквы.

21 мая 1905 г. у падмурак новага будынка царквы змясцілі нікеліраваную таблічку з выгравіраваным надпісам на правым баку: "Да будет место сие свято во веки. Аминь. Во имя Отца и Сына и святаго Духа. Основася церковь в честь и память Покрова Пресвятыя Богородицы при державе БЛАГОЧЕСТИВЕЙШАГО САМОДЕРЖАВНЕЙШАГО ВЕЛИКАГО ГОСУДАРЯ НАШЕГО ИМПЕРАТОРА НИКОЛАЯ АЛЕКСАНДРОВИЧА, при святительстве же преосвященнейшаго СЕРАФИМА, ЕПИСКОПА ПОЛОТСКАГО И ВИТЕБСКАГО, при настоятеле храма сего священнике Иоанне Емельяновиче в лето от рождества Христова 1905 Мая 21 дня". На адваротным баку быў змешчаны "Список Членов временнаго Комитета по постройке Храма Покрова пресвятыя Богородицы во граде Полоцке": старшыня і "производитель" работ Генрых Фолькман, протаіерэй Міхаіл Дуброўскі, Мікалай Ульянаў, Мікалай Сукачоў і інш.

У нішу разам з дошкай паклалі газету "Віцебскія ведамасці" за 1901 г. і фатаграфію настаяцеля Пакроўскай царквы Іаана Паўлавіча Емельяновіча.

Невядома дакладна, калі будаўніцтва новага храма было скончана. Па некаторых звестках Пакроўская царква была асвечана ў 1914 г. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў культавым збудаванні працавала кандытарская фабрыка. У 1967 г. будынак царквы быў знішчаны. Знойдзеная пры зносе храма закладная дошка была перададзена ў фонды Полацкага гісторыка-археалагічнага запаведніка і сёння знаходзіцца ў экспазіцыі Краязнаўчага музея. Царква ж была адноўлена ў 2004 г.: на свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы 14 кастрычніка храм быў урачыста асвечаны.