Каменная сякера


Пад час археалагічных раскопак Д.У. Дука на Гарадзішчы ў 2007 г. была знойдзена каменная сякера, вырабленая за тысячагоддзі да існавання на гэтым месцы горада. Падобныя знаходкі раней былі зроблены археолагам Г.В. Штыхавам пад час вывучэння Верхняга замка. Выяўленныя каменныя прылады працы тыпічныя для часоў поздняга неаліта і бронзы. Усе экзэмпляры адшліфаваныя, большасць клінападобнай формы і з прасвідраванымі адтулінамі. На думку Г.В. Штыхава, каменныя сякеры ў ХІ-ХІІІ стст. служылі для гарадскіх жыхароў амулетамі і былі звязаныя з культам Перуна, што адлюстравана ў шматлікіх павер'ях нашых продкаў. Так, згодна з этнаграфічнымі дадзенымі, знаходкі старажытных каменных сякер лічыліся вялікай удачай і прыносілі шчасце. Яны звязваліся з культам урадлівасці і выкарыстоўваліся пры вядзенні гаспадаркі, а таксама ў народнай медыцыне.

Каменная клінападобная сякера, прадстаўленая ў экспазіцыі Краязнаўчага музея, мае авальную ў вертыкальным сячэнні форму, з вастрыём на аднім канцы і абушком на другім. Яна была знойдзена на Гарадзішчы, датуецца 5 ст. да н.э.-5 ст. н.э. і адносіцца да днепра-дзвінскай археалагічнай культуры.


Каменная сякера
Каменная сякера