Іван Пятровіч Дэйніс

Сёння многім гісторыкам і краязнаўцам горада Полацка добра знаёма імя Івана Пятровіча Дэйніса, 110-годдзе з дня народжэння якога адзначалася ў 2010 годзе. Педагог і краязнаўца, лектар і актыўны ўдзельнік усіх гарадскіх мерапрыемстваў ні дня не сядзеў без справы. І.П. Дэйніс шмат працаваў з архіўнымі дакументамі, апытваў старажылаў горада, даследаваў навуковыя працы і матэрыялы археалагічных экспедыцый, у якіх не аднойчы і сам прымаў удзел.

Сваё жыццё з Полацкам ён звязаў яшчэ ў дзяцінстве. Бацькі Івана Пятровіча пераехалі ў наш горад у пачатку мінулага стагоддзя. Настаўнікі па прафесіі, яны і свайму сыну прывілі любоў да ведаў, кніг, гісторыі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і вызвалення горада ад белапольскіх войск у Полацку была створана Камісія па ахове помнікаў даўніны і мастацтва, якую ўзначаліў бацька Івана Пятровіча - Пётр Іосіфавіч. Дэйніс-старэйшы меў дзве вышэйшых адукацыі і быў для сына прыкладам ва ўсім. У Камісіі Іван Пятровіч заняў пасаду сакратара. У нашым мясцовым архіве захавалася шмат дакументаў аб працы гэтай арганізацыі. Члены Камісіі займаліся зборам гістарычных матэрыялаў аб Полацку і Полацкім краі, вывучэннем архіваў царкоўных устаноў, фотафіксацыяй помнікаў архітэктуры і гісторыі. Адным з накірункаў працы была падрыхтоўка і стварэнне ў Полацку краязнаўчага музея. З дакументаў нам вядома, што Іван Дэйніс, які тады працаваў у 1-й савецкай школе і педтэхнікуме, актыўна ўключыўся ў пошукавую працу Камісіі: ён збіраў для будучага музея экспанаты, праводзіў аглядныя экскурсіі па Полацку. Разлічаныя на два дні экскурсіі знаёмілі полачан і навучэнцаў сельскіх школ з помнікамі археалогіі і ваеннай фартыфікацыі, непаўторнымі полацкімі храмамі разнастайных канфесій, якіх у Полацку ў 1920-х гг. было больш за дзясятак. З 1925 г. дзейнасць камісіі працягнула краязнаўчае таварыства, вынікам працы якога было адкрыццё ў снежні 1926 г. Полацкага акружнога краязнаўчага музея.

Атрымаўшы вышэйшую педагагічную адукацыю, Іван Пятровіч на доўгія гады звязаў свой лёс з Полацкім лясным тэхнікумам. Сваёй любімай навучальнай установе ён прысвяціў і адну з сваіх даследчых прац, у якой сабраў матэрыал аб гісторыі установы з моманту яе заснавання (1921) і да 1967 г., калі ён выйшаў на заслужаны адпачынак. Стаўшы больш вольным чалавекам, Іван Пятровіч поўнасцю аддаўся даследчай і пошукавай працы. Ён чытаў і канспектаваў многія навуковыя працы, кнігі XIX і ХХ стст., перыядычныя выданні, справаздачы археалагічных экспедыцый, запісваў сваі ўласныя ўспаміны. У выніку былі напісаны дзве вялікія працы «Полацкая даўніна» і «Полацк у ХХ стагоддзі». У прадмове аўтар пісаў, што яго праца не прэтэндуе на навуковасць. «Гэта былі апісанні горада і шэрагу падзей, якія прайшлі перад маімі вачамі, і апісаныя мною так, як яны мне запомніліся». Але полацкія краязнаўцы і гісторыкі ХХ в. пастаянна звярталіся да гэтых прац. Акрамя того, Іван Пятровіч быў яшчэ і таленавітым мастаком. У 1970-я гг. ён вырашыў стварыць па памяці замалёўкі самых прыгожых і знакавых пабудоў Полацка ХIХ — ХХ стст. Усе яны змешчаны на старонках пяці альбомаў, падораных яшчэ пры жыцці Івана Пятровіча Полацкаму краязнаўчаму музею. У музей, з якім ён вельмі актыўна супрацоўнічаў, ім таксама былі перададзены з асабістага фонду амаль 300 прадметаў, сярод якіх дакументы, рукапісы, узнагароды і іншыя прадметы. Частка з іх сёння прадстаўлена ў экспазіцыі нашых музеяў.

За сваю шматгадовую педагагічную працу, за актыўны ўдзел у жыцці горада ў 1967 г. Івану Пятровічу Дэйнісу было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Полацка». Памяць пра яго і па сённяшні дзень жыве ў яго працах, кнігах, даследаваннях.