Іван Іванавіч Далгоў

Значнае месца ў грамадскім жыцці горада на мяжы ХІХ - ХХ стст. займала дзейнасць настаўніка і краязнаўца Івана Іванавіча Далгова. Ураджэнец Пецярбургскай губерні, выпускнік Пецярбургскага універсітэта, ён стаў беларускім гісторыкам, археолагам, аматарам полацкай даўніны. У 1886 г. Іван Далгоў прыйшоў на працу ў Полацкі кадэцкі корпус на кафедру рускай мовы і на працягу 25 год знаходзіўся ў цэнтры педагагічнага, навуковага і культурнага жыцця нашага горада. Сапраўды, у Полацку не было практычна ніводнага таварыства ці ўстановы, у дзейнасці якіх І.І. Далгоў не прымаў удзел.

Акрамя кадэцкага корпуса Іван Іванавіч выкладаў у жаночай гімназіі і Спаса-Еўфрасіннеўскім епархіяльным вучылішчы. Ён рэгулярна праводзіў экскурсіі для выхаванцаў розных навучальных устаноў не толькі Полацка, але і Віцебска. З захапленнем распавядаючы пра велічныя храмы і манастыры, крывавыя бітвы і слаўныя перамогі, выкладчык імкнуўся прывіваць сваім вучням любоў да роднага краю, выхоўваць у іх пачуццё патрыятызму. І.І. Далгоў быў адным з заснавальнікаў музея ў Полацкім кадэцкім корпусе і аўтарам апісання гісторыі гэтай навучальнай установы. Дзякуючы актыўнай жыццёвай пазіцыі свайго настаўніка, кадэты пабывалі з экскурсіямі ў Кіеве, Крыме, Маскве, Паволжжы, на Каўказе.

У час перанясення мошчаў Еўфрасінні Полацкай на Радзіму ў 1910 г., І.І. Далгоў як член Полацкага Епархіяльнага Савета працаваў над падрыхтоўкай і правядзеннем святочных мерапрыемстваў. Ён прымаў удзел у распрацоўцы царкоўнага цырыманіяла, працаваў у камітэце па прыёме высокапастаўленых гасцей і паломнікаў, з'яўляўся ініцыятарам выдання і рэдактарам "Брацкага царкоўнага лістка", гасцінна прымаў прадстаўнікоў прэсы з іншых гарадоў. Іван Іванавіч даваў падрабязныя адказы на хвалюючыя пытанні па гісторыі горада шматлікім археолагам, гісторыкам, этнографам, пісьменнікам, артыстам, якія вельмі часта звярталіся да мясцовага краязнаўцы.

І.І. Далгоў захапляўся архітэктурнымі помнікамі Полаччыны. Ён актыўна выступаў за рэстаўрацыю храмаў Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра, а таксама праводзіў улік і апісанне цэркваў і прыходаў Полацка-Віцебскай епархіі. Як член камітэта па рамонце Сафійскага сабора І.І. Далгоў актыўна змагаўся за захаванне будынка сабора і за стварэнне ў яго падземнай частцы капліцы альбо царквы-крыпты з адкрыццём старажытнай кладкі.

Праявіў сябе Іван Далгоў таксама як архівіст і археолаг. Ён удзельнічаў у разборы мясцовых архіўных дакументаў і актыўна займаўся археалагічным вывучэннем курганоў сяла Сітна. У 1893 г. Іван Іванавіч прыняў удзел у ІХ Археалагічным з'ездзе ў Вільні.

Свае назіранні і высновы ён пакінуў нам на старонках перыядычнага друку і кніжных выданняў. У розныя гады ім былі напісаны навукова-папулярныя артыкулы "Мінулае і сучаснае Беларусі", "Наш край", "Полацкі кадэцкі корпус". У 1911 г. выйшла праца І.І. Далгова "Святкаванне 75-годдзя існавання Полацкага кадэцкага корпуса 6 снежня 1910 года". Адзін з экзэмпляраў брашуры зараз захоўваецца ў фондах НПГКМЗ. Гэтая кніга была прадстаўлена на выставе, прысвечанай 175-годдзю Полацкага кадэцкага корпуса ў Мастацкай галерэі.

Яго сучаснікі казалі, што немагчыма ўявіць горад Полацк без Далгова. Гэта быў усебакова эрудыраваны, высокамаральны, актыўны і неабыякавы да Полацка чалавек. Але час, адведзены Івану Іванавічу, быў не такі доўгі. Памёр полацкі настаўнік і краязнаўца 5 кастрычніка 1911 г. Грамадскасць высока ацаніла дзейнасць слаўнага сына Полацка. Пахавалі І.І. Далгова на тэрыторыі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. На жаль, месца яго пахавання да нашых дзён не захавалася.