Дзмітрый Сяргеевіч Леанардаў

Закранаючы тэму краязнаўцаў ХІХ-ХХ стст., не магчыма абмінуць імя гісторыка і педагога Дзмітрыя Сяргеевіча Леанардава. Д.С. Леанардаў вядомы як аўтар кніг рэлігійна-гістарычнай тэматыкі, аднак галоўнай яго работай стала фундаментальнае даследаванне "Полоцкий князь Всеслав и его время".

Нарадзіўся будучы педагог і даследчык 21 кастрычніка 1871 г. у наваколлі г. Вянёў (сучасная Маскоўская вобл.) у сям'і святара. Дзмітрый атрымаў добрую адукацыю: скончыў Вянёўскае духоўнае вучылішча, Тульскую духоўную семінарыю, Кіеўскую духоўную акадэмію. Па заканчэнні вучобы ў 1896 г. малады кандыдат багаслоўя прыехаў у Полацк, каб на 15 год застацца ў старажытным горадзе крывічоў. Тут ён працаваў выкладчыкам у мужчынскім духоўным вучылішчы, жаночым епархіяльным духоўным вучылішчы. Адначасова педагог займаўся вывучэннем гісторыі Полацка, яго старажытнасцей і святынь. Дзмітрый Сяргеевіч Леанардаў карыстаўся павагай калег і знаёмых, сярод палачан нават заслужыў званне "старожила". У 1910 г. у сувязі з адкрыццём Віцебскага настаўніцкага інстытута Дзмітрый Леанардаў пераехаў на новае месца работы. Лёс адлічыў Дзмітрыю Леанардаву нядоўгі век. Пасля прызначэння дырэктарам Ніжагародскага настаўніцкага інстытута падчас паездкі ў Ніжні Ноўгарад у 1915 г. ён захварэў на сыпны тыф, у хуткім часе памёр і быў пахаваны на радзіме.

У Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку захоўваецца работа Д.С. Леанардава "Полоцкий князь Всеслав и его время". Даследаванне публікавалася двума часткамі ў выданні Віцебскай вучонай архіўнай камісіі "Полоцко-Витебская старина". Першая частка выйшла ў 1912 г., другая - у 1916 г., ужо пасля смерці аўтара. У рабоце даследчык называе старажытны горад на Палаце "маститым Полоцком", адзначае самастойнасць Полацкага княства, высвятляе прычыны яго адасобленасці і спрадвечнай барацьбы з Кіевам. Вялікая ўвага нададзена вывучэнню асобы Усяслава Брачыславіча. Аўтар падрабязна разглядае яго жыццё і палітычную дзейнасць, накіраваную на пашырэнне межаў Полацкага княства і адстойванне самастойнасці. Д.С. Леанардаў называе знакамітага полацкага князя будаўніком Сафійскага сабора, "недосягаемым образцом и высоким идеалом для всех его потомков".

Заснаваная на летапісах, разнастайных працах рускіх і замежных аўтараў, работа Д.С. Леанардава "Полоцкий князь Всеслав и его время" стала для свайго часу фундаментальным грунтоўным даследаваннем асобы князя Усяслава Брачыславіча, каштоўнай крыніцай па гісторыі Полацкага княства ХІ ст., і па сённяшні дзень выклікае інтарэс у даследчыкаў.